ВІ́ЛЕНСКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
асноўны цэнтр манетнай вытв-сці ВКЛ. Існаваў з канца 15 ст. да 30.12.1667. Выпускаў аболы, дэнарыі, двайныя дэнарыі, соліды (сярэбраныя), паўгрошы, грошы, 1,5-грашовікі, траякі, 4-грашовікі, шастакі, талеры, орты, злотыя, тымфы, паўдукаты, дукаты, партугалы. Да выпуску двара адносяць і сярэбраныя дэнарыі Вітаўта [1392—1430]. Да Люблінскай уніі 1569 на манетах была выява «Пагоні», у часы Стафана Баторыя — гербы ВКЛ і Каралеўства Польскага, пры Яне II Казіміру аднавілі «Пагоню». Манеты Віленскага манетнага двара вылучаюць па гербах падскарбіяў вял. літоўскіх або па знаках арандатараў двара. Вядомы лічыльныя жэтоны сярэдзіны 16 — пач. 17 ст. Віленскага манетнага двара са знакамі падскарбіяў літоўскіх.
т. 4, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)